Ня варта шукаць найлепшае недзе там, далёка. Бывае, яно ляжыць літаральна пад бокам, дастаткова толькі ўважліва пашукаць. Альбо прыслухацца. Што і раіць усім вам “Мэлёдыя дня”.
Менскі гітарны дуэт “Алегрыяс” — калектыў надзвычай вопытны і прафэсійны. Аднак вось у чым парадокс: яго якраз ведаюць лепш менавіта недзе там, далёка, па-за межамі краіны, чым дома. Чаму? Гэта ўжо пытаньне хутчэй да арганізатараў канцэртнага жыцьця, хоць варта прызнаць, што і Сяргей Анцішын, і Аляксандар Церахаў не пакутуюць на нястачу працы як артысты-салісты.
Пазалетась быў выдадзены альбом дуэту “Вечаровая самба”, складзены зь дзьвюх кампазыцыяў аўтарства Сяргея Анцішына і пяці вядомых твораў заходніх аўтараў.
Сёньня дуэт “Алегрыяс” прадстаўляе славуты “Караван” трамбаніста Хуана Цізола, у аранжыроўку якога музыканты дасканала ўплялі пабочную тэму, пазначаную яскравым усходнім калярытам. Канечне, выкананьне дуэтам тэмы, якая звычайна выконваецца бэндам, — рэч няпростая. Але менскія віртуозы гітары робяць немагчымае звычайным. Гэта значыць — па-майстэрску.
Зьміцер Падбярэскі