Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Народная песьня “Царкоўка”. Вераніка Круглова і “Experience In Berlin”. Дэма-альбом, 2001



Калі паспрабаваць высьветліць, які музычны стыль быў вызначальны для канца мінулага стагодзьдзя, я назваў бы найперш, бадай, world music — полістылістычную творчасьць на аснове народнай музыкі. Не абмінуў той працэс і Беларусь.

Песьня ў выкананьні Веранікі Кругловай з альбому, які быў запісаны ёю летась у Бэрліне з групай міжнароднага складу, ужо гучала ў нашай праграме. Сёньня мы паслухаем яшчэ адну — “Царкоўка”. Яна таксама дастаткова вядомая ў выкананьні іншых калектываў, але мушу яшчэ раз нагадаць асаблівасьці запісаў калектыву “Experience in Berlin” і Веранікі Кругловай.

Справа ў тым, што на падставе беларускіх і часткова расейскіх народных мэлёдыяў была зробленая спроба стварэньня той самай world music, але з выразнымі джазавымі акцэнтамі. Гэта яўна чуваць і ў “Царкоўцы”, аднак у цэлым склалася ўражаньне, што ўдзельнікі гэтага праекту так і ня здолелі паглыбіцца ў самую сутнасьць, асаблівасьці беларускай мэлёдыкі. Таму месцамі зробленае экспэрымэнтатарамі з Бэрліна хутчэй расчароўвае, чым радуе.

Аднак на тое ён і экспэрымэнт, каб спрабаваць сябе ў новым і незвычайным. Радуе ж тое, што менавіта Вераніка Круглова здолела згуртаваць вакол сябе міжнародны музычны калектыў. А ці будзе ў гэтага праекту працяг — пабачым.

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG