Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Інструмэнтальная п’еса “Solitude” Дука Элінгтана. Выкананьне — ансамбль традыцыйнага джазу “Рэнэсанс”. Альбом “Swing Station”, “West Records”, 2001



Здараецца, што кожны з нас часам мае вялікае жаданьне пабыць сам-насам з сабой. Каб прывесьці ў лад уласныя думкі, каб супакоіцца і вызначыць, што рабіць далей. Ня лішнім у тым будзе і “Мэлёдыя дня”, тым больш, што праграма прапануе вам самую розную музыку.

На гэтым тыдні мы адзначылі сусьветную прэм’еру альбому “Unity” групы “Rage”, пакаштавалі “Абсэнт” з рук удзельнікаў праекту “Крамбамбуля” і папрысутнічалі на прэм’еры араторыі “Зорка палын” Дзьмітрыя Даўгалёва і Ўладзіміра Пецюкевіча. “Не яна, Беларусь” — прызнаваўся нам Алег Атаманаў, Ірына Дарафеева сьпявала пра “Азярцо”, а група “Палац” песьняй “Ой, Божа” скардзілася на няўвагу да сябе з боку абаронцаў беларускай культуры.

Сёлета ансамбль традыцыйнага джазу “Рэнэсанс” адзначаў 25-годзьдзе з дня заснаваньня. Гэтымі днямі ён даў некалькі канцэртаў у Вільні, а афіцыйнае сьвяткаваньне зайздроснага для кожнага музычнага калектыву юбілею пройдзе ў Менску ўвосень.

Сёньня мне хочацца пазнаёміць вас з п’есай “Solitude” Дука Элінгтана, арыгінальная аранжыроўка якой Аляксандра Цюцюнова і вытанчанае выкананьне “Рэнэсансу” дазволілі калектыву атрымаць Гран-пры на міжнародным конкурсе традыцыйнага джазу 1998 году ў Польшчы.

Памятаю, як адразу ж пасьля рэпэтыцыі да нас падышоў кіраўнік славутага “Біг Ворсоў Бэнд” пан Станіслаў Фіялкоўскі, які быў сябрам журы, і сказаў: “Гэта адзіны на конкурсе калектыў, які ўмее іграць піяна”. А ў піяна маэстра разьбіраецца.

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG