Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Народная песьня “Ой, Божа...” Выкананьне — група “Палац”. Альбом “Чужыя дзеўкі”, “West Records”, 2002



І было б пра што гаварыць! Бо так атрымліваецца, што на словах — усе за Беларусь: слухай сваё, купляй сваё, пі, нарэшце, хатнюю, а не заморскую. А на справе... Дзесяцігодзьдзе існаваньня група “Палац” адзначала ў напаўпустой залі. “Мэлёдыя дня” гэтага не разумее.

Вось жа сапраўды — загадка беларускае душы! Пяцігодзьдзе “Палаца” адбывалася ў канцэртнай залі Белдзяржфілярмоніі, і ахвочых трапіць на канцэрт было больш, чым месцаў у залі. Мінула пяць гадоў, аднак здольных падтрымаць чынам лёзунг “Жыве Беларусь” зрабілася нашмат менш.

Я вось не разумею тых маладых, хто на вуліцы выступае супраць саюзу з Расеяй, а пасьля шэсьця ломіцца на канцэрт прымітыўнага, часам другога гатунку, расейскага калектыву толькі таму, што яго ці ня штодзень паказваюць расейскія ж тэлеканалы. Здавалася б — падтрымлівай тады ўласных музыкантаў, якія насамрэч дэманструюць рэпэртуар арыгінальны, непадробны, нарэшце — свой, якіх ахвотна, у адрозьненьне ад тых жа дутых, безгалосых расейцаў прымаюць эўрапейскія сцэны. Ажно не!

Аднак калі не пазбыцца таго комплексу, што ўласнае — гэта заўсёды горшае за прывазное, крычы потым на вуліцы не крычы — ніхто вам не паверыць! “Ой, Божа...” Гэта не мае словы. Гэта назва песьні групы “Палац” з альбому “Чужыя дзеўкі”. Не забывайцеся пра сваё. Іначай неўпрыкмет можна сапраўды зрабіцца чужымі на ўласнае зямлі.

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG