Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Азярцо” Дзьмітрыя Даўгалёва на верш У.Пецюкевіча. Выконвае Ірына Дарафеева. Альбом “Рано или поздно”, “Dorisrecord”, 2000



Нехта спрабуе крычаць на поўны голас у спадзяваньні, што яго пачуе ўвесь сьвет. Некаму дастаткова прамовіць літаральна некалькі словаў, каб яго пачулі ўсе. “Мэлёдыя дня” раіць усім пазьбягаць перанапружаньня. Бо калі будуць крычаць усе адразу, хто ж тады каго пачуе?

Здаўна беларуская эстрада мела тэндэнцыю разьвівацца ў двух напрамках: патрыятычна-грамадзянскай творчасьці і лірыкі. Першае ў нас заказвалася зьверху, як кажуць, другое — не забаранялася. І на тым дзякуй!

Лірычная тэндэнцыя, безумоўна, мае непасрэднае дачыненьне да народнае песеннае творчасьці, і якія б ні былі на двары модныя павевы, якія б музычныя стылі ні дамінавалі, якія б безгалосыя сьпевакі ні ўзьляталі на тэлеэкранах да рангу зорак сцэны, лірыка, як мне здаецца, яшчэ доўга будзе моцным пунктам менавіта беларускай эстраднай песьні. Бо гэта — наша, тое, чаго ад нас не адняць, тое, што й скапіяваць амаль немагчыма.

Ёсьць у кампазытараў асаблівы талент — талент мэлядыста. Сярод такіх — Дзьмітрый Даўгалёў. Ягоная песьня “Азярцо” на верш Уладзімера Пецюкевіча — адна з найлепшых у рэпэртуары Ірыны Дарафеевай, песьня, якая вызначае стыль гэтай сьпявачкі. Можа, таму і сьпявае “Азярцо” Ірына на рэдкасьць пранікнёна і шчыра? Запіс пазамінулага году. Твор, які можна слухаць неаднойчы.

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG