Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“Малітва” з араторыі “Зорка палын” Дз.Даўгалёва на вершы У.Пецюкевіча. Выконвае музычная капэля “Санорус”. Дэмазапіс, 2002



Гэта, бадай, здараецца з кожным з нас: разьлічваеш, бывае, на адно, а ў выніку мусіш мець дачыненьне да цалкам іншых тэрмінаў і ўмоваў. Не зьяўляецца выключэньнем у гэтым сэнсе і музыка.

Твор, які мы будзем слухаць сёньня, цяжка аднесьці да ліку твораў музыкі забаўляльнай. Ягоная прэм’ера мелася быць у Менску 26 красавіка гэтага году, на гадавіну Чарнобыльскай катастрофы, у канцэртнай залі Белдзяржфілярмоніі.

Цяжка казаць, якія на тое былі прычыны, аднак замест прэм’еры араторыі “Зорка палын” беларускага кампазытара Дзьмітрыя Даўгалёва ў той вечар прагучаў славуты “Рэквіем” Вэрды — твор, бясспрэчна, клясычны і знакаміты.

Згаданая араторыя, хоць і са спазьненьнем, аднак у Менску прагучыць. Літаральна заўтра, 16 траўня, у залі Палаца культуры трактарнага заводу. Араторыя гэтая напісаная на вершы паэта Ўладзімера Пецюкевіча, а выконвае яе музычная капэля “Санорус” пад кіраўніцтвам Аляксея Шута.

“Мэлёдыя дня” мае запіс пакуль усяго аднаго фрагмэнту араторыі — “Малітвы”, твору, які пакідае моцнае ўражаньне. Цалкам магчыма, сам Вэрды зьняў бы капялюш. Паслухайце гэты твор Дзьмітрыя Даўгалёва і Ўладзімера Пецюкевіча, які, на маю думку, мусіць гучаць прылюдна і ў залі, якая зьмесьціць усіх жыхароў Беларусі. Бо гэта ўсё — пра нас з вамі.

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG