Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“Абсэнт”, музыка і словы Л.Вольскага. Выконваюць удзельнікі супольнага музычнага праекту “Крамбамбуля”. Альбом “Крамбамбуля”, “West Records”, 2002



Як той казаў, колькі гарэлкі ні бяры, усё адно бегаць яшчэ двойчы. У дачыненьні да музыкі гэтыя словы могуць гучаць крышку іначай: колькі групу ні кармі, усё адно кожны марыць пра сольны праект.

Адносна праекту “Крамбамбуля” напісана і гаворана ўжо шмат. Можна па-рознаму падыходзіць да ацэнкі зробленага Лявонам Вольскім з калегамі, аднак немагчыма не адзначыць, што ў беларускай рок-музыцы апошняга часу намецілася дастаткова хісткая, я бы сказаў — небясьпечная — тэндэнцыя адыходу ад творчасьці сур’ёзнай у бок гэткай пацяшальнасьці, калі сьцёб робіцца асноўным прынцыпам стварэньня рэпэртуару.

Менавіта таму значную дозу зьмешчаных у альбоме напояў я ўспрымаю з разуменьнем, але ж — з асьцярогаю. Так, безумоўна, праект гэты — камэрцыйны, у нечым нават пацяшальны, бо які, урэшце, сэнс выдаваць дыск, калі яго ня будуць купляць? Але ж відавочна, што прынцып пацяшальнасьці — шлях да посьпеху найбольш лёгкі.

Згодна з гэтым прынцыпам і збудаваны альбом “Крамбамбуля”, які ў суме пакідае ўсё ж адчуваньне нейкага недапітку. Ну, нібыта прынамсі яшчэ адзін раз бегчы ў краму трэба.

На агульным жа фоне вылучаецца песьня “Абсэнт”, прысьвечаная напою, забароненаму ў многіх краінах сьвету. Песьня строгая, ляканічная і, што найбольш істотна, — безь недарэчных прыколаў. Можа, менавіта таму яна і паказалася ў альбоме найлепшай? Невялікая доза абсэнту ў такім разе “Мэлёдыі дня” сёньня не пашкодзіць.

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG