Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“Дзень гневу”, музыка В.Смольскага. Выконвае група “Rage”. Альбом “Unity”, “SPV Records”, 2002



Сёньня, як і анансавалася ўжо колькі дзён, праграма “Мэлёдыя дня” ўдзельнічае ў сусьветнай прэм’еры новага альбому “Unity” групы “Rage”. Гэты інтэрнацыянальны калектыў базуецца ў Нямеччыне і выступае як трыё, аб’ядноўваючы музыкантаў зь Нямеччыны, Амэрыкі й Беларусі.

Гітарыст трыё Віктар Смольскі — адзіны, бадай, музыкант, які насамрэч дамогся сапраўднай кар’еры па-за межамі краіны. Менавіта яму належыць большая частка ўключаных у альбом песень, менавіта ягоную песьню пад назвай “Дзень гневу” праграма “Мэлёдыя дня” і прэзэнтуе сёньня, калі згаданы альбом паступіў у продаж у многіх краінах сьвету.

Параўнальна нядаўна Віктар Смольскі быў у Беларусі, калі ў студыі “Беларусьфільму” здымаўся новы кліп групы “Rage”. Тады ж Віктар і даў згоду на тое, каб гэтая песьня, у якой ён выкарыстаў матыў з опэры свайго бацькі, знанага беларускага кампазытара Дзьмітрыя Смольскага, прагучала ў нашай праграме.

Для запісу гэтага твору Віктар выклікаў у Бэрлін хор Беларускага радыё, і ня выключана, што гэтым летам гэтая песьня прагучыць у Менску падчас вялікага стадыённага канцэрту, які Віктар Смольскі ў якасьці прадусара зьбіраецца наладзіць.

Годзе словаў. Гэтая прафэсійна, годна зробленая музыка гатовая сказаць сама за сябе. Група “Rage”, “Дзень гневу”, сусьветная прэм’ера альбому “Unity” ў праграме “Мэлёдыя дня”. Гітарнае сола Віктара Смольскага.

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG