Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Інструмэнтальная п’еса “Пчаліны танец” Ігара Сацэвіча. Група “Apple Tea”. Альбом “Bee Dance”, аўтарскае выданьне, 2000 г.



Канешне, можна было б будаваць праграму “Мэлёдыя дня”, абапіраючыся выключна на розныя сьвяты ды знамянальныя даты. Падганяць пад іх песьні і рабіць адпаведныя камэнтары. Аднак на шмат у такім выпадку праграмы ўсё ж не хапіла б.

Гэты тыдзень мы пачалі з прывітаньня “Добры вечар, дзяўчыначка” ў выкананьні ансамбля “Песьняры”, пасьля чаго разам з групай “Уліс” наладзілі “Танцы на даху”, а потым смакавалі “Крамбамбулю” ў кампаніі з Лявонам Вольскім і удзельнікамі новага супольнага музычнага праекта. 9 траўня ансамбль “Сябры” адзначыў песьняй “Два полі”, Піт Паўлаў сьпяваў гітарную вяснянку “А ў лесе, лесе”, а група “Камэрата” раіла не шаптаць, а казаць на поўны голас. А вось заўтра, нагадваю, у праграме “Мэлёдыя дня” — сусьветная прэм’ера новага альбома групы “Рэйдж”, гітарыстам якой зьяўляецца менскі музыкант Віктар Смольскі.

Вяртаючыся да тэмы сьвятаў, мушу сказаць, што гэтым разам я знарок не зьвяртаў увагі на каляндар. Сьвята для “Мэлёдыі дня” сёньня адно: сталая вясна. Пчолкі ўжо здабываюць першы травеньскі мядок, а таму і музыка адпаведная.

Групу са смачнай назвай “Apple Tea” нехта трапна назваў прадстаўніком фолк-джазу. Загалоўная п’еса альбома “Пчаліны танец” насамрэч поўная фальклёрнай мэлёдыкі. Слухаць мы яе будзем не з пачатку, а той фрагмэнт, які і выказвае найбольш яскрава сутнасьць гэтага надзвычай прыгожага твору. “Пчаліны танец”, музыка Ігара Сацэвіча, група “Apple Tea”.

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG