Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Народная песьня “А ў лесе, лесе”. Выкананьне — Піт Паўлаў з калегамі. Дэманстрацыйны CD-сынгл, 2002



Адной з найбольш выразных прыкмет сучаснай беларускай рок-музыкі, пра што я ўжо неаднойчы згадваў, зьяўляецца надзвычай істотны на яе ўплыў народнай музыкі. Часам апрацоўкі народных мэлёдый чуеш у такой стылістыцы, якая, здавалася б, анічога агульнага з фальклёрам мець ня можа.

Яшчэ адна прэм’ера апошніх дзён — пілётны сынгл сольнай праграмы ўдзельніка груп “НРМ” і “Крыві” гітарыста Піта Паўлава. Пакуль што на сыгнальным сынгле выдадзеныя шэсьць твораў з праграмы, якая атрымала назву “Гарадзкія”. У запісе бяруць удзел Алезіс, барабаншчык “НРМ”, і Лёша, бас-гітарыст групы “Ўліс”.

Зьмест альбома складаюць як апрацоўкі народных песень, так і арыгінальныя творы. Пакуль цяжка казаць, што меў на ўвазе Піт Паўлаў, калі даваў праграме такую назву. Магчыма, гэта будзе прачытаньне традыцыйнай, у тым ліку беларускай, музыкі гарадзкімі музыкантамі. Магчыма, атрымаецца ў выніку нешта накшталт сучаснага гарадзкога фальклёру, няхай сабе месцамі і аўтарскага паходжаньня.

Прынамсі, сёньня мы паслухаем якраз апрацоўку вясьнянкі “А ў лесе, лесе”. Паколькі Піт Паўлаў — гітарыст, аранжыроўка зробленая ў першую чаргу пад яго, і вясьнянка гэтая гучыць моцна, па-гарадзкому, не ў традыцыйным характары гэтага жанру. Дарэчы, сам Піт і сьпявае, чаго раней за ім не назіралася. Чаму ж яму ня пець, чаму ж ня гудзець? Нагадваю, што 13 траўня “Мэлёдыя дня” ўдзельнічае ў сусьветнай прэм’еры новага альбома групы “Рэйдж”, у складзе якой выступае менскі гітарыст Віктар Смольскі. Цяпер жа слухаем Піта Паўлава, “А ў лесе, лесе”.

Зьіцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG