Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“Сонца Хрыстос”, музыка Т.Моўчан, словы І.Ждановіча, аранжыроўка А.Езавітава. Тацяна Моўчан. Па-за альбомaм. 2000



Дзень сёньня сапраўды незвычайны. У адно зьмяшаліся сьвяты сьвецкія і савецкія. Аднак над усімі імі ўзвышаецца адно сьвята: Вялікдзень. Хрыстос уваскрос, шаноўныя слухачы праграмы “Мэлёдыя дня”!

Мяжу красавіка ды траўня “Мэлёдыя дня” перакрочыла, нагадаю, з наступнымі творамі. Найперш Ірына Дарафеева намаўляла ўсіх хутчэй сесьці ў было які цягнік, потым Алесь Камоцкі, грунтуючыся на вершах Рыгора Барадуліна, прызнаваўся пэўнай спадарыні, што яна была ягоным жыцьцём і забыцьцём, а Дзень працы вольны ад працы Аляксандар Памідораў адзначыў “Маршам беспрацоўных”. Другі дзень мая Ян Скрыган прывітаў “Вальсам №3” Барыяса, група “Mojo Blues” паслухалася Ірыну Дарафееву і вырашыла таксама “I Gotta Move”, а вось ансамбль “Сябры”, завяршыўшы сусьветны тур, сьпяваў пра жураўлёў над Палесьсем.

Вяртаючыся ж да тэмы сьвятаў, мушу сказаць, што гэтым разам у праграме “Мэлёдыя дня” адбудзецца прэм’ера: па-першае, упершыню будзе сьпяваць Тацяна Моўчан, па-другое, яна запрапанавала твор, які выдатна адпавядае сёньняшняму сьвяту. Гэта арыгінальны твор, які сама Тацяна Моўчан напісала на верш Івана Ждановіча. Песьня мае назву “Сонца Хрыстос” і, як прызналася сьпявачка, выконваецца на канцэртах даволі рэдка. Магчыма, з прычыны істотнай спэцыфічнасьці самой песьні. Аранжыроўка Андрэя Езавітава. “Сонца Хрыстос” і Тацяна Моўчан.

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG