Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Бел-чырвона-белы”. Музыка Г. Руцкога, словы М.Папекі. Група “Граеўка”. Дэма-альбом, 2000



Пазнай сябе ў вучнях. Гэты вядомы выраз найбольш актуальны, мне думаецца, у мастацтве, бо называцца мэтрам, ня маючы вучняў ды пасьлядоўнікаў, складана.

Нядаўна праграма “Мэлёдыя дня” атрымала пасылку. Пасылка тая была зь Берасьця і ўяўляла зь сябе кампакт-дыск з запісам 16 песень у выкананьні ансамбля пад назваю “Граеўка”. Кажучы пра настаўнікаў і вучняў, я, безумоўна, меў на ўвазе найперш пераемнасьць традыцый, той ланцужок, безь якога наагул немагчымыя прагрэс ды разьвіцьцё ў любой галіне дзейнасьці чалавека. У музычным мастацтве — таксама.

Канешне ж, ансамбль “Граеўка” ня мог бы існаваць, калі б да яго раней не працавалі “Песьняры”, “Сузор’е”, “Крама” і многія іншыя. Між тым “Граеўка” — гэта зусім малады калектыў, які пачаў існаваньне ў 1996 годзе, аднак, наколькі зразумела, мае выключна аматарскі статус і аб’ядноўвае школьнікаў ці ў лепшым выпадку студэнтаў. На прафэсійны ўзровень, як чуваць, “Граеўка” не замахваецца. І я, відаць, наагул не зьвярнуў бы на гэтыя запісы ўвагі, калі б ня той факт, што выконвае гэтая група музыку правільную.

Гэта якраз той самы пласт беларускай музычнай культуры, які ўзьнікае сам па сабе, дзякуючы не загадам райана ці мясцовых вэртыкальшчыкаў, а дзякуючы таму, што называюць поклічам сэрца. Песьні часам наіўныя, часам няўмелыя, але затое — максымальна шчырыя. Дарэчы, навучыць шчырасьці вельмі няпроста. Яна альбо ёсьць, альбо яе няма. Песьня Георгія Руцкога на словы Міколы Папекі “Бел-чырвона-белы сьцяг”. Група “Граеўка” і саліст Аляксандр Тульба. Берасьцейская моладзь з правільнай музыкай.

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG