Чым далей адыходзяць ад нас тыя гады, калі пачыналася гісторыя беларускай папулярнай музыкі, тым большую цікавасьць уяўляе ўсё тое, што адбывалася ў другой палове 60-х–пачатку 70-х гадоў мінулага стагодзьдзя. Раптам выяўляецца, што многія запісы, зробленыя ў тыя гады, не зьберагліся, нават фота тых часоў цяпер — рэдкасьць. Дый шмат каго з музыкантаў, якія актыўна гралі ў тыя гады і былі насамрэч папулярнымі, сёньня на радзіме ўжо няма. Вось чаму, на маю думку, надзвычай важна хоць бы час ад часу нагадваць шырокай аўдыторыі, што ж адбывалася тады, як кажуць, на сьвітанку ўсяго.
Песьня “Ты мне вясною прысьнілася” — адна з найбольш сэнсацыйных у беларускай музыцы. Наўрад ці думаў Юры Семяняка, калі пісаў тую песьню, што вядомай яна зробіцца ў вэрсіі, па сутнасьці, рок-групы. Паэт Міхась Шушкевіч, зь якім я пазнаёміўся, калі працаваў на Беларускім тэлебачаньні, застаўся ў гісторыі беларускай літаратуры, дзякуючы гэтаму аднаму вершу.
Канешне, сёньня аранжыроўка песьні, гучаньне калектыву могуць у сяго-таго выклікаць скептычныя ўсьмешкі. Аднак жа ня будзем забывацца, што гэта — гісторыя. Самы пачатак 1970-х. Клясыка беларускай папулярнай музыкі. Ансамбль “Песьняры” і песьня, безь якой цяпер уявіць гісторыю папулярнага жанру краіны немагчыма.
Зьміцер Падбярэскі