Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Песьня “Шчуры Эўропы”, музыка, тэкст і выкананьне — Віктар Шалкевіч. Альбом “Балады і рамансы”, выданьне “Хартыі-97”, каля 1998



Калі ў вашай хаце завяліся мышы, ня варта адразу ж марыць пра пажар. Магчыма, ёсьць сэнс прыдбаць ката. Адно помніце: экзатычны кот — ня лепшы набытак. Бо на кожнага такога ката заўсёды знойдзецца ня менш экзатычная мыш. Ці шчур.

Гэты мэлядыйны тыдзень распачаўся з нашае спробы двойчы акунуцца ў адну рэчку, напачатку з дапамогай Іосіфа Кабзона, які сьпяваў па-беларуску, потым — удзельнікаў супольнага праекту “Я нарадзіўся тут”, якія сьпявалі пра Нёман на той жа мове. Квартэт Ігара Сафонава згадаў застаўку двойчы закрытай уладамі джазавай праграмы “Музыка тоўстых”, ансамбль “Вясельле” раскрыў аблічча “Хазяйкі” ў аднайменнай народнай песьні, група “Ар.Эф.Брага” корпалася ў высьвятленьні месца ўласнага “Я” ў сучаснай рэальнасьці, а група “Мроя” ў песьні пад назваю “Шмат” супастаўляла, ці шмат чаго зьмянілася ў нашым жыцьці за апошнія 15 гадоў.

Мэлёдыя сёньняшняга дня крыху незвычайная. Яна даказвае, што прарокі ва ўласнай айчыне ёсьць. Справа вось у чым. Запісам песьні “Шчуры Эўропы”, напісанай Віктарам Шалкевічам, гукарэжысэр з Горадні, імя якога, на жаль, не было згаданае на вокладцы альбома “Баляды і рамансы”, абараніў дыплём у Польшчы. І сапраўды: запіс гэты сьведчыць пра тое, што нашыя сьпецыялісты могуць працаваць у студыях на годным увагі эўрапейскім узроўні.

Так, песьня сама па сабе добрая, выразная і ня надта нават характэрная для творчасьці Шалкевіча, бо вытрыманая ў выразнай рокавай манэры. Але ж і студыйнае яе ўвасабленьне заслугоўвае пільнай увагі. Зрэшты, пераканайцеся самі.

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG