Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Песьня “Шмат”, аўтарства і выкананьне — група “Мроя”. Альбом “Дваццаць восьмая зорка”, “Мелодия”



Колькі гадоў таму надзвычай папулярнай зрабілася прымаўка: “Позна піць баржомі, калі ныркі адваліліся”. Тым ня менш, ці не нацыянальнай гордасьцю многіх народаў зьяўляецца ўменьне двойчы ці нават больш наступаць на адны й тыя ж граблі. “Мэлёдыя дня”, заўважу, не паўтараецца з рэпэртуарам аніколі.

Гэтым разам мне хочацца зьвярнуцца да гісторыі, так бы мовіць, агаліць некаторыя карані, хоць ад сапраўдных каранёў беларускай папулярнай музыкі запіс, які мы будзем слухаць, аддзяляюць многія гады. Аднак час ад часу варта ўсё ж слухаць тое, што запісвалася і выдавалася даўней. Бо мінае час, аднак тэмы, якія ўздымалі ва ўласных творах айчынныя музыканты, найперш музыканты року, зь цягам часам зноў робяцца актуальнымі.

Гадоў зь пятнаццаць мінула з таго часу, як менская група “Мроя” запісала і выдала на фірме “Мелодия” альбом “Дваццаць восьмая зорка”, які зьмяшчаў дазволеныя ўжо перабудовай надта ж сьмелыя песьні. І што? Многія зь іх сёньня зноў набылі актуальнасьць, як, дарэчы, і некаторыя песьні з рэпэртуару гуртоў “Сузор’е”, “Бонда”.

Тады “Мроя” быццам адкрывала вочы невідушчым. Але сёньня многае з таго, пра што сьпявалі музыканты тады, ніяк не страціла актуальнасьці. Аднак калі разумееш, што празь пятнаццаць гадоў блуканьняў ты зноў вярнуўся ў месца старта, робіцца неяк не па сабе. Група “Мроя” і песьня пад назваю “Шмат”, запіс канца 1980-х. І сапраўды: гадоў мінула шмат, а радасьці неяк не паболела...

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG