Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Песьня “Я”, аўтар і выканаўца група “R.F.Braha”. Альбом “Новая альтэрнатыва”, “BMA Group”, 2000



Тэма ўзаемаадносінаў адзінкі грамадзтва і грамадзтва як цэлага, тэма татальнай адзіноты ў перанаселеным сьвеце, нават калі ты маеш у кавалку гэтага сьвету практычна бязьмежную ўладу, ніколі не сыходзіла ў нябыт. Так ці інакш, у цэнтры ўсіх падзей заўсёды знаходзілася “я”, тваё ўласнае альбо “я” нейкіх іншых асоб.

Вы заўважалі, што тэма пошуку ўласнага месца паміж многімі іншымі “я” ў сучаснай папулярнай музыцы Беларусі практычна адсутнічае? Беларускамоўная група “R.F.Braha” з Польшчы дала выразны прыклад такой творчасьці, выдаўшы песьню менавіта пад назваю “Я”.

Песьня невясёлая, у нечым філязафічная, аднак не на гэта хочацца зьвярнуць увагу найперш. А на тое, як тая песьня ўвасобленая, зь якой культурай гуку, аранжыроўкі. Своеасаблівая сучасная рок-баляда, не такая ўжо і выразная, якой баляда і мусіць быць. Аднак чамусьці запамінаецца, аднак прымушае вярнуцца да сябе зноў ды зноў. Магчыма, элемэнтарная пасьпешлівасьць і перашкаджае многім нашым калектывам пісаць удумлівую і запамінальную музыку? Што ж, тады яшчэ раз паслухаем музыкантаў з Польшчы. “R.F.Braha” і песьня “Я”.

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG