Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Песьня “Нёман” Несьцера Сакалоўскага на словы Анатоля Астрэйкі ў выкананьні зборнай групы музыкантаў. Альбом “Я нарадзіўся тут”, 2000



Старадаўняя пагаворка сьцьвярджае, што двойчы ўвайсьці ў адну й тую ж рэчку немагчыма. Аднак толькі не для праграмы “Мэлёдыя дня”. Сёньня мы зробім спробу абвергнуць досьвед продкаў.

Нагадаю, што ўчора мы слухалі амаль легендарнага ўжо расейскага сьпевака Іосіфа Кабзона, які на добрай беларускай мове прасьпяваў славутую песьню “Нёман” Несьцера Сакалоўскага і Анатоля Астрэйкі. Сёньня мы будзем слухаць тое ж, другі раз запар увойдзем калі не ў адну й тую рэчку, дык, прынамсі, у адну й тую ж песьню.

Хоць гэтая вэрсія, вядома ж, будзе значна адрозьнівацца ад той клясычнай, што выконваў Іосіф Давыдавыч. Яна ўзятая з агульнавядомага альбома “Я нарадзіўся тут” і вытрыманая ў пост-мадэрнавай стылістыцы, пра што кажа, напрыклад, гітарны ўступ, які зьяўляецца ці не цытатай знакамітага шлягера групы “No Doubt”. Зьміцер Вайцюшкевіч распавёў мне, што Піт Паўлаў выдумаў такі трук чыста выпадкова, хоць ён выдатна ўпісаўся ў агульную стылістыку ўсяго альбома.

У выкананьні гэтай песьні ўдзельнічаюць Зьміцер Вайцюшкевіч, Піт Паўлаў, Лявон Вольскі, Вераніка Круглова, Юрась Ляўкоў, Алесь Дземідовіч. Не стае, як відаць, адно Іосіфа Кабзона, хоць бы для саліднасьці. Аднак, як мне здаецца, мадэрновая для гэтай песьні стылістыка напэўна не засмуціла б расейскага сьпевака.

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG