Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Народная песьня “Бегла старожа”, апрацоўка і выкананьне — Ларыса Сімаковіч. Альбом “Легенды Вялікага княства”, “БМА груп”, 2001



Часам у сьвеце музыкі зьдзівіць, ды што там зьдзівіць — уразіць можа не выдатны голас, не шыкоўны інструмэнт, не актуальная, модная музыка. Уразіць можа нечаканае вырашэньне твору. Прычым, чым яно прасьцейшае, тым большы, як правіла, эфэкт. Але прыдумаць простую рэч часам надзвычай складана. Вітаю вас шчыра!

На тыдні, які сёньня заканчваецца, мы з вамі весела адзначылі юбілей старэйшага беларускага джаз-ансамбля "Рэнэсанс", Валеры Скаражонак прасьпяваў “Перш чым прыйдзе вясна”, пазычыўшы тую песьню ў нашага земляка Чэслава Немена, а беларускі гітарыст Алекс Растопчын у Нью-Ёрку даваў прыклады разуменьня блюзу загадкавай беларускай душой. Леанід Гурвіч з уласным джаз-ансамблем спрабаваў разабрацца з пачуцьцямі да фартуны на музыку Карла Орфа, канцэртны аркестар Беларусі выконваў мэлёдыю “Can’t Buy Me Love” Ленана ды Макартні, а ансамбль “Песьняры” — біяграфічную для большасьці ўдзельнікаў калектыву песьню пад назваю “Віно маё зеляно”.

Сёньня прагучыць таксама песьня народная. “Бегла старожа”, музыка і словы народныя, апрацоўка ды выкананьне — кампазытаркі Ларысы Сімаковіч. Менавіта той выпадак, калі мінімум ужытых сродкаў даў максымальны плён. Хачу папярэдзіць тых, хто аніколі ня чуў ані гэтай песьні, ані наагул спадарыні Ларысы. Песьня робіць, як на мой густ, надзвычайнае ўражаньне, хоць нічога, здаецца, у ёй няма: адно голас сьпявачкі ды гукавы эфэкт у кодзе. Але гэта —высокае, сапраўднае мастацтва. “Бегла старожа” і Ларыса Сімаковіч, а мы пачуемся, спадзяюся, шчэ неаднойчы.

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG