Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Песьня “Nadine” Чака Бэры ў выкананьні Марка Гарпэра і Аляксандра Растопчына. Дэмакасэта, 1997



Учора мы слухалі сьпевака, якому ўдалы выступ на конкурсе ў Віцебску сапраўды дапамог зрабіць добрую музычную кар’еру. Сёньня мы будзем слухаць беларускага музыканта, які ніколі не перамагаў на конкурсах. Тым ня менш, зь ім ахвотна граюць вядучыя музыканты блюзавых клюбаў Нью-Ёрку.

Гэты шмат у чым цікавы і напэўна дастаткова ўнікальны запіс дабраўся да мяне даволі дзіўным чынам. Белы амэрыканец Марк Гарпэр выдаў у 1997 годзе дэмакасэту, на якой зьмешчаны фрагмэнт жывога канцэрту ягонай групы разам з былым менскім гітарыстам Алексам Растопчыным. Канцэрт той адбыўся ў блюзавай Меццы Нью-Ёрку — у клюбе пад назваю “Manny's Car Wash”. Як бачым, блюз у Нью-Ёрку слухаюць у клюбах кшталту мыечных для машын.

Песьня “Надзін” Чака Бэры гучыць у выкананьні Марка Гарпэра (вакал, губны гармонік), гітарыста Алекса Растопчына, басіста Г’ю Мэсана і барабаншчыка Д’юана Кліўлэнда. Калі ўлічыць, што ў Нью-Ёрку Алекс Растопчын не развозіць піцу, ня мые шыбы, а займаецца толькі музыкай, удалай ягоную кар’еру назваць можна.

Праўда, да поўнага шчасьця яму, вядома ж, бракуе якога ляўрэацкага месца на папсовым конкурсе. Але да гэтага яму вярнуцца ніколі ня позна. Такім чынам, чарговая мэлёдыя беларускага дня гэтым разам з Амэрыкі з істотным айчынным акцэнтам. Пачуемся!

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG