Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Інструмэнтальная п’еса “Sing, sing, sing” Луіса Прымы. Аранжыроўка Андрэя Лабчэўскага. Выкананьне — ансамбль традыцыйнага джазу “Рэнэсанс”. Альбом “Swing Station”, “West Records”, 2001



З днём нам усім сёньня пашанцавала. Найбольш аптымістычны дзень году, здавалася б, павінен быў зарадзіць “Мэлёдыю дня” на нешта такое адчайна-радаснае ды вітальнае. Будзе не зусім так, але ж вітальнасьць дазваляе прывітацца з вамі, як заўсёды, бадзёра і аптымістычна. Дзень добры!

Дык вось, што да жартаў. Можна было б, зразумела, пажартаваць, што, маўляў, ужо неўзабаве мы здолеем слухаць ня толькі “Мэлёдыю дня”, але й проста Радыё Свабода ў беларускім FM-дыяпазоне, а на камэрцыйных станцыях рэзка абмяжуюць ужываньне рускамоўнай папсы. Так жартаваць можна. Праўда, у нашай краіне гэты ўжо ня проста жарт, а жарт з падтэкстам. Мы ж імі, падтэкстамі, займацца ня будзем. Мы займаемся музыкай, а таму ня будзьма забывацца, што сёньня ня толькі дзень аптыміста.

Гэта яшчэ і юбілей, які адзначае сёньня найстарэйшая ў Беларусі джазавая група — ансамбль традыцыйнага джазу “Рэнэсанс”. Ён дэбютаваў акурат 1 красавіка роўна чвэрць стагодьдзя таму назад. За гэтыя гады калектыў выступіў на многіх, у тым ліку міжнародных джаз-фэстывалях, яго слухалі ў славутай залі Чайкоўскага ў Маскве, а ў 1998 годзе наш калектыў здабыў Гран-пры міжнароднага конкурсу на фэстывалі “Злота тарка” ў Польшчы. Летась быў выдадзены альбом “Swing Station”, на вялікі жаль, усяго другі за чвэрць стагодьдзя.

“Мэлёдыя дня” жадае Міколу Лапцёнку і ягоным калегам творчага даўгалецьця з тым, каб за гэтай сьвінгавай станцыяй былі й іншыя. І не апошнія. Бо хто ж дазволіць цяпер вам спыніцца? Перапынку — ня будзе! Адно толькі: “Sing, sing, sing, everybody goes to swing”. Да сустрэчы!

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG