Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Песьня “Кароль залатой травы”. Выкананьне — група “Пастскрыптум”. Альбом “Альтэрнатыва_by”, “БМА group”, 2001



На разьвітаньне я скажу... Не, гэта зусім не апошняе выданьне нашай праграмы, спадзяюся. Проста яе сёньняшні зьмест такі, бо слухаць мы будзем калектыў, які, мяркуючы па назьве, апошняе слова заўсёды пакідае за сабой.

А гаворка ідзе пра менскую групу “Пастскрыптум”. Назва, ведаеце, ня надта зручная для вымаўленьня, хоць зь ліку тых, якія пакідаюць вялікае поле для здагадак: а што ж жадалі сказаць той назваю музыкі? Як мне здаецца, наступнае.

Спалучэньне народнай манэры сьпеваў са стылістыкай рока — зьява сёньня даволі звычайная. Аж да таго, што сёй-той пачынае на тым паразытаваць. Аднак народная манэра сьпеваў у творы не фальклёрнага, а аўтарскага паходжаньня ў спалучэньні са стылістыкай рок-музыкі — гэта, бадай, фірмовая рыса групы “Пастскрыптум”. Хоць мушу адразу прызнацца, што чуў я гэты калектыў падчас канцэртаў няшмат. Запісаў — тым больш.

Песьня “Кароль залатой травы”, вядома ж, не адносіцца да ліку жніўных, хоць выдавец альбому “Альтэрнатыва_by”, “БМА group”, чамусьці не паклапаціўся згадаць яе аўтараў. Шкада. Бо мяне асабіста вельмі цікавіць, адкуль тая трава расьце. У кожным разе, песьня гэтая вельмі запамінальная, насычаная нейкім здаровым такім духам і выкананая на годным увагі ўзроўні.

Застаецца толькі здагадвацца, альтэрнатывай чаму яна зьяўляецца. У нас маецца час падумаць, прынамсі, да заўтра, да наступнай мэлёдыі дня. Пачуемся!

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG