Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Інструмэнтальная кампазыцыя “Lullaby of The Sea”, аўтарства і выкананьне Аляксандра Ўласенкава. Альбом “12 Reflection”, аўтарскае дэмавыданьне, 2000



Вы зьвярнулі ўвагу на тое, што ў праграме “Мэлёдыя дня” літаральна штотыдзень, калі не часьцей, гучаць творы ў выкананьні беларускіх гітарыстаў? Гэтая асаблівасьць, як і вялікая актыўнасьць выканаўцаў на гітары, напэўна яшчэ зробіцца прадметам асобнага дасьледаваньня. Што да “Мэлёдыі дня”, дык мы дапаможам тым дасьледчыкам канкрэтнымі матэрыяламі. Мае вам шанаваньні!

Аляксандар Уласенкаў. Менскі гітарыст, які збольшага заўсёды схіляўся да музыкі клясычнай, хоць і пісаў уласныя творы. Яны былі пэўным спалучэньнем камэрнасьці з рысамі імпрэсіянізму з даволі выразнымі акцэнтамі на ілюстрацыйнасьць. Пры гэтым, жывучы ў Менску, Аляксандар ня надта вылучаўся сярод гітарыстаў. Аднак калі параўнальна нядаўна ён перабраўся ў Амэрыку, напісанае ім на радзіме неяк вельмі хутка запісалася ў студыі Брэнфарда, штат Канэктыкут.

Альбом “12 рэфлексій” — гэта нешта накшталт акварэльных замалёвак тамашняй прыроды, адлюстраваньне розных яе станаў. Музыка прыгожая і вельмі вобразная. Зрэшты, для гэтага ёсьць падставы: за плячыма Аляксандра — Беларуская акадэмія музыкі і The Guildhall School of Music & Drama ў Лондане. Прагучыць п’еса “Калыханка мора”.

За шыбай вечар, мора ад нас далёка, таму можна нікуды не сьпяшацца, а паслухаць мэлёдыю дня ад Аляксандра Ўласенкава. З Амэрыкі — зь любоўю. Пачуемся...

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG