Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Песьня “Выбар”, музыка групы “Новае неба”. Кася Камоцкая і “Новае неба”. Альбом “Залаты фонд беларускага рок-н-рола, ч.4”. “Ковчег”, 1996



Права выбіраць ёсьць у кожнага. Аднак далёка ня кожны здольны адважыцца скарыстацца з такога права. Асабліва калі канчатковы вынік ад кожнага з нас, як на нядаўніх прэзыдэнцкіх выбарах, не залежыць. “Мэлёдыя дня”, прывітаньне!

Свабода наагул, свабода выбару — адна з найбольш істотных умоваў здаровага ладу жыцьця. Жыць не пад прымусам, а сьвядома і вольна кіруючы ўласнымі памкненьнямі — гэта для нас, беларусаў, пакуль што мара.

Але ж і рок-музыка здаўна лічылася музыкай свабоды, якая калі ад нечага і залежала, дык усяго толькі ад сьвядомасьці, асэнсаваньня ўласнае грамадзянскае пазыцыі музыкантаў. Кася Камоцкая ніколі не хавала сваіх поглядаў на рэчаіснасьць. Таму і цярпела, таму яе песьні і забараняліся для гучаньня ў дзяржаўным радыёэфіры.

Апошнім часам яе канцэрты ў Беларусі — рэдкасьць. Таму нам застаецца толькі слухаць яе запісы. Адна з найбольш яскравых песень з рэпэртуару Касі Камоцкай называецца “Выбар”. Старая тэма, ня толькі для рок-музыкаў. І ўласны, асабісты позірк на яе Касі Камоцкай і групы “Новае неба”. Запіс першай паловы 90-х. Прыслухацца да гэтых музыкаў альбо не — гэта, зрэшты, выбар кожнага са слухачоў “Мэлёдыі дня”. Пачуемся!

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG