Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Песьня “Пагоня”, музыка Ігара Паліводы на верш Максіма Багдановіча. Група салістаў Дзяржаўнага канцэртнага аркестру Беларусі. Альбом “Максім”, “Ковчег”, 1997 г.



Вядома, што слова — не верабей. Ня ўсе, аднак, разумеюць, што й песьня належыць да гэткага ж атраду птушак. Як кажуць, вылеціць — лаві потым, не лаві — усё дарма. Адно што ў чарговую “Мэлёдыю дня” трапіць абавязкова.

На гэтым тыдні мы слухалі старых новых “Песьняроў” у песьні “Ой, княжна”, Генадзь Старыкаў прасьпяваў бяз словаў пра мару ўласнага жыцьця, а група “Рублёвая зона” пагражала ад імя лірычнага героя не прабачыць лірычнай гераіні нейкі там учынак. Мікалай Скорыкаў распавядаў пра свае хаджы ў палынёвых ростанях, група “Сузор’е” дала прыклад спалучэньня рок-музыкі з клясычнай беларускай паэзіяй у “Песьні пра зубра”, а ўдзельнікі ансамбля “Купалінка” агульнымі намаганьнямі спрабавалі выправіць сямейны канфлікт.

Зараз мы пачуем твор у пэўным сэнсе нечаканы. Бо забыты, прычым, маю права сцьвярджаць, забыты знарок. Гэтая песьня проста ня ўпісваецца ў цяпершнюю афіцыйную рэчаіснасьць, хоць у свой час выконвалася Дзяржаўным канцэртным аркестрам Беларусі на фоне вялікіх памераў Пагоні амаль з тымі ж самымі, што й цяпер, салістамі.

Мы збольшага добра ведаем розныя варыянты мэлёдыі на верш “Пагоня” Максіма Багдановіча. Але кампазытар Ігар Палівода напісаў уласную, арыгінальную, якая літаральна птушкаю вылецела з-пад ягонага пяра. Паслухайце, як гэта выдатна гучыць! Праўда, канцэртны запіс. Праўда, гэтую песьню са сцэны філярмоніі мы сёньня не пачуем. Праўда, Пагоня ўсё адно застаецца з намі. Праўда! Пачуемся!

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG