Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Народная песьня “Расьцьвіла каліна”. Фальклёрны ансамбль “Купалінка”. Альбом “Купалінка”, “Ковчег”, 1998



Кажуць, сям‘я — ячэйка грамадзтва. Складаецца тая ячэйка, як вядома, з дзвюх палавінак. Калі жывуць яны ў згодзе, тады ўсё ў парадку. А як нешта не заладзіцца, дык гэта адразу робіцца сюжэтам для чарговай “Мэлёдыі дня”. Прывітаньне!

Я вось чаго не разумею: ну нашто якой кабеце ісьці замуж за п’яніцу, цярпець розныя ягоныя штучкі, а пасьля весела апавядаць пра тое ў гарэзнай песеньцы? Праслухаўшы адзін з твораў у выкананьні фальклёрнай групы “Купалінка”, я нарэшце зразумеў, нашто гэта трэба — ды каб была падстава зьехаць з дому куды за Дунай. Мусіць, па гарачай пуцёўцы, а як жа!

Ансамбль “Купалінка”, варта адзначыць, у творчасьці не засяроджваецца на выключна беларускім матэрыяле, аднак, як вынікае з выдадзенага ў 1998 годзе альбома, праблемам сямейных узаемаадносін надае самую пільную ўвагу. У тым ліку і ў песьні “Расьцьвіла каліна”, якую мы будзем слухаць.

Менавіта гераіня гэтай песьні і ўцякла ад пітушчага мужа за Дунай. Ды варта нагадаць, што блакітны Дунай — гэта ня толькі фальклёрны вобраз гэткай “зямлі запаветнай” для беларусаў, але й назоў надзвычай папулярных у 1960-я гады прыдарожных кабачкоў, якія ахвотна наведвалі мужчыны. Вось пасьля і здагадайся, куды гэта ўцякала тая кабетка ад мужа, радасна размахваючы то ручкамі, то белай хусткаю. Загадка, аднак. Народная! Пачуемся!

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG