Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Песьня пра зубра, ч.2”, музыка Андрэя Казлоўскага на вершы Міколы Гусоўскага. Група “Сузор’е”. Дэма-альбом “Нэлі Дзянісава і “Сузор’е”



Паверце мне, гэта не праява настальгіі, не тупое перакананьне ў тым, што раней, маўляў, і цукар быў саладзейшы, і рок — сапраўднейшы. Цьвёрда перакананы ў наступным: каб атрымаць посьпех у будучыні, варта ведаць тое, што было раней. Каб не адчыняць наноў ужо адчыненыя дзьверы. “Мэлёдыя дня” вітае вас!

На фоне сучасных супольных музычных праектаў, якія зрабіліся такімі папулярнымі ў асяродьдзі нашых рок-музыкантаў, учынак удзельнікаў рок-групы “Сузор‘е” амаль дваццацігадовай даўніны і сёньня выглядае ці ня подзьвігам. Нагадаю, што здарылася тое падчас самага роськвіту эпохі камуністычнага застою, калі нават слова “нацыянальнае” выкрэсьлівалася з публікацый цэнзурай. І дагэтуль аніхто з прадстаўнікоў папулярнае музыкі не адважыўся напісаць нешта на словы знакамітай паэмы “Песьня пра зубра” Міколы Гусоўскага.

Музыканты групы “Сузор’е” зрабілі гэта, стварыўшы на аснове паэмы вялікі канцэртны блёк. Некаторыя запісы зьберагліся. Мы будзем слухаць фрагмэнт другой часткі кампазыцыі “Песьні пра зубра” з музыкай Андрэя Казлоўскага. Рэстаўраваны запіс пачатку 1980-х гадоў. А наколькі актуальна ўсё гэта гучыць, нягледзячы нават на састарэлыя аранжыроўку ды апаратуру. Пачуемся!

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG