Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Інструмэнтальная п’еса “Frost” Ігара Дадзіёмава, выкананьне — гітарны дуэт Ігар Дадзіёмаў — Гідон Харц. Альбом “Fantasy”, аўтарскае дэмавыданьне, 2000



Згодна з народнымі прыкметамі, двойчы наступаць на адны й тыя ж граблі — небясьпечна для здароўя. Памятаючы гэта і мацаючы гузак на ўласным ілбе, “Мэлёдыя дня”, аднак, рызыкуе прайсьціся калі ня сьлед у сьлед, дык, прынамсі, вельмі блізка ад учарашніх граблей. Прывітаньне!

Такім чынам, літаральна ўчора мы слухалі адзін айчынны гітарны дуэт, сёньня будзем слухаць другі. Ледзь не сказаў — таксама айчынны, хоць гэтыя музыканты — ураджэнцы даўняга Савецкага Саюзу і пачыналі творчы шлях менавіта ў гэтай зьніклай джазавай краіне.

Потым складаны лёс музыканта закінуў іх у Ізраіль, дзе яны і пазнаёміліся, утварылі гітарны джазавы дуэт. У ягоным складзе — былы мянчук Ігар Дадзіёмаў, брат нашай вядомай дасьледчыцы музыкі мінулага Вольгі Дадзіёмавай, і Гідон Харц, ураджэнец Еўпаторыі, брат... Ну, нечый брат дакладна.

Ва ўмовах хатняй студыі Ігара яны запісалі такі мяккі, інтэлігентны альбом, складзены з джазавых стандартаў і аўтарскіх тэмаў. Мне так здаецца, што сёньня працаваць музыкантам у Ізраілі ці ня больш складана, чым было ў Савецкім Саюзе. Рэаліі жыцьця, на жаль, прыносяць вельмі прыкрыя зьвесткі, як хоць бы пра сьмерць былога менчука, музыканта, кампазытара Аркадзя Гурава, ахвяру тэракту.

Мне вельмі хацелася б, каб гэтых цалкам прафэсійных музыкантаў мы маглі б пабачыць у Менску жывымі і здаровымі. П’есу “Frost” Ігар Дадзіёмаў напісаў яшчэ тады, калі ён жыў у Менску, запісаў ён п’есу ў Ізраілі, а гучыць яна на хвалях беларускага Радыё Свабода. Сапраўды: музыка ня ведае, што такое дзяржаўныя межы. І рознымі палітычнымі “фростамі” яе не спыніць. Пачуемся, даражэнькія!

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG