Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Інструмэнтальная п’еса “Spring Wind” Ігара Сацэвіча. Джаз-група “Apple Tea”. Альбом “Apple Tea”, “Boheme Music”, 1999 г.



Між іншым, нешта накшталт юбілею. Роўна два месяцы таму “Мэлёдыя дня” ўпершыню выйшла ў эфір, прыносячы, спадзяюся, задавальненьне адным слухачам і раздражняючы іншых. Ну што ж, што маем у айчыннай музыцы, тое і прапануем слухаць. Вітаю вас у першы дзень вясны!

Падобныя дні, як сёньняшні, здаўна для журналістаў былі знакавыя. Колькі ж размаітых штампаў нарадзілася з нагоды першага каляндарнага дня вясны! Кшталту “Першы дзень вясны савецкі народ сустракае з новымі сіламі...” Якія тут сілы, калі на парадку дня — суцэльны авітаміноз!

Тут толькі спадзяваньні на якую добрую музыку. Менская джазавая група “Apple Tea” была першым калектывам беларускага джазу, на які зьвярнулі ўвагу ў Расеі. Менавіта там у 1999 годзе быў выдадзены кампакт-дыск групы, які ў пэўным сэнсе быў аўтарскім альбомам лідэра групы Ігара Сацэвіча, што пачынаў творчы шлях разам з Аляксеем Шадзько яшчэ ў Гарадзенскай філярмоніі.

Сацэвіч — яркі кампазытар, здольны ствараць запамінальныя мэлёдыі. “Spring wind” — “Веснавы вецер” — так называецца ягоная п’еса, якую я прапаную паслухаць сёньня.

На жаль, маскоўскія выдаўцы паставіліся да беларускіх музыкантаў ня надта інтэлігентна, таму расейскага працягу творчасьць групы не атрымала. Затое тут, у Беларусі, яскравая музыка “Apple Tea” карыстаецца заслужаным прызнаньнем. Таму і прапаную вам паслухаць гэтых музыкантаў, ганарыцца якімі ёсьць усе падставы. Да сустрэчы!
XS
SM
MD
LG