Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Інструмэнтальная п’еса “Хуткасьць”, аўтары ды выкананьне Алег Сьпіцын і Чэрмэн. Альбом “Hard Life Heavy Music”, “БМА”, 2001



Сьпяшаемся жыць? Што ж, часам здараецца й такое. Толькі што ў такой сьпешцы варта ўсё ж плянаваць час і для таго, каб задумацца: а ці не праходзіць паўз нас усё, не пакідаючы аніякіх сьлядоў? Вось “Мэлёдыя дня” нікуды ня сьпяшаецца, а таму найлепшае з сучаснае беларускае музыкі гучыць у нашай праграме штодня. Мае шанаваньні!

Сапраўды, дагадзіць усім слухачам праграмы адразу надзвычай цяжка. Усё ж, прызнацца, усе мы любім збольшага музыку лагодную, утульную, часам дурнаватую, абы толькі яна не раздражняла.

Дыскамфорт звычайна прыносіць тая музыка, якую мы альбо слаба ведаем, альбо такая, разуменьне якой патрабуе пэўных нават фізычных намаганьняў. “Мэлёдыя дня” імкнецца прадставіць увесь спэктр сучаснай беларускай музыкі. Дарэчы, параю вам пры нагодзе зазірнуць у інтэрнэт на адрас www.svaboda.org. Там ужо пачалі зьяўляцца многія з мэлёдый, што гучалі ў папярэдніх праграмах.

А вось сёньня хачу пазнаёміць вас з дуэтам гітарыстаў, якіх можна назваць самымі хуткімі ў Беларусі. Алег Сьпіцын і Чэрмен — прыхільнікі музыкі, якую ўмоўна можна назваць “сьпід-мэтал”, хуткаснай мэталічнай музыкай, якая, аднак, не пазбаўленая мэлядыйнай асновы. Своеасаблівая візытоўка дуэту — п’еса пад назваю “Хуткасьць”, якая трапіла ў зборнік “Hard Life Heavy Music”, выдадзены “БМА” летась. Гэта, бадай, найбольш тэхнічны і яскравы нумар усёй праграмы.

А тым, хто ня вельмі шануе такога роду музыку, параю ўсё ж перасіліць сябе і паспрабаваць услухацца ў тое, на што здольныя айчынныя выканаўцы. Можа, у такім выпадку ахвоты слухаць выключна замежнае будзе менш. Пачуемся заўтра!

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG