Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Інструмэнтальная п’еса “Magic Тransition”, аўтарства і выкананьне Івана Піліпенкі. Альбом “Рэнэсанс гітары”, аўтарызаванае выданьне, 2001.



Нездарма кажуць: нашым бы мазгам ды іхныя тэхналёгіі. Часам на канцэрце пачуеш такое, што, здавалася б, пры належным афармленьні ды ўвасабленьні здольнае пакласьці заходні шоў-бізнэс на поўныя лапаткі. Чаго-чаго, а арыгінальных, нестандартных ідэяў у нашых музыкантаў хапае. Сьведчаньне — “Мэлёдыя дня”. Прывітаньне!

Чым мне падабаецца штогадовы традыцыйны фэстываль “Рэнэсанс гітары”, які вось ужо 8 гадоў адбываецца ў Гомелі? Ды тым, што гэта — фэстываль жывой музыкі, прычым арганізатары здолелі цалкам пазьбегнуць і магчымага снабізму, і цалкам зразумелых абмежаваньняў што да таго, што можна выконваць, а што — не.

Можа, дзякуючы менавіта гэтаму фэстываль і жыве. Бо гучыць на ім самая розная, часам надзвычай сьмелая гітарная музыка. “Рэнэсанс гітары”, дарэчы, дае плюсы й Міністэрству культуры Беларусі, якое ім апякуецца, ды не камандуе. Дзякуй Богу!

Іван Піліпенка — ну хто б ведаў імя гэтага музыканта, калі б ня той (ды іншыя, прызнацца) гітарныя фэстывалі? Іван актыўна стасуе мінусовыя фанаграмы, але галоўная партыя заўсёды выконваецца жыўцом. А ў выніку — дзівосная для нашае рэчаіснасьці музыка, якая ўсмактала ў сябе дасягненьні многіх стыляў ды напрамкаў сучаснае музычнае рэальнасьці.

“Magic Тransition”, аўтарская п’еса Івана Піліпенкі, запісаная падчас аднаго з канцэртаў фэстывалю “Рэнэсанс гітары”. Каб ня ведаў, падумаў бы, што знаходжуся ня ў Гомелі, а ў якім іншым, вельмі замежным горадзе. Пачуемся!

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG