Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Песьня “Краіна доўгай белай хмары” Вячаслава Кораня на верш Фэлікса Аксёнцава. Група “Уліс”. Альбом “Краіна доўгай белай хмары”, “Ковчег”, 1996 г.



Час ад часу можна пачуць, што, маўляў, сучасная папулярная музыка не патрабуе глыбокіх, мастакоўскіх тэкстаў. Напружаны рытм жыцьця, праблемы, стрэсы і ўсё такое іншае нібыта не пакідаюць ні хвіліны для роздуму. Мне асабіста з тым цяжка пагадзіцца. Для роздуму — у тым ліку — маецца “Мэлёдыя дня”, якая штодня ў эфіры не адну хвіліну, а цэлыя чатыры. Прывітаньне!

У гісторыі папулярнай музыкі наагул і беларускай у прыватнасьці было некалькі выпадкаў, калі той ці іншы калектыў меў пастаяннага аўтара тэкстаў. Калі такі чалавек ня проста сябруе з музыкантамі, але й яшчэ тонка адчувае мастацкі настрой выканаўцаў, сумесную іх працу звычайна чакае значны плён.

Згадайма дуэт Зьмітра Лукашука і Ігара Варашкевіча ў “Краме”. Праўда, тыя ж Лявон Вольскі ці Аляксей Шадзько ўласнымі тэкстамі, апрача як з самім сабой, ня дзеляцца. Але ж быў яшчэ адзін творчы дуэт: музыкантаў групы “Уліс”, наймя Вячаслава Кораня і паэта Фэлікса Аксёнцава, які прынёс колькі сапраўдных, прыгожых песень, якім, упэўнены, наканавана доўгае жыцьцё.

“Краіна доўгай белай хмары” — так называецца другі альбом групы і адна з лепшых песень “Уліса”, датаваныя 1996 годам. Пачынаецца ж песьня з цудоўных сьпеваў Тацяны Мархель. Менш слоў: такое варта паслухаць. Сустрэнемся заўтра!

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG