Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Мэлёдыя “Куранта” з “Полацкага сшытку”. Ансамбль “Контраданс”. Альбом “Легенды Вялікага Княства”, “БМА”, 2001 г.



Пётар Ільліч Чайкоўскі, разумны чалавек, заўважыў, што кампазытары самі нічога ня пішуць, адно толькі падслухоўваюць мэлёдыі ў народзе. Адзін мой знаёмы, чалавек ня менш разумны, зазначыў: сучасныя кампазытары-песеньнікі таксама самі нічога ня пішуць, адно толькі падслухоўваюць, што было напісана раней. Прывітаньне!

На гэтым тыдні, пераходным ад зімы да вясны, мы падслухалі прызнаньні Алесі аб яе ўцехах зь нейкім ваяводам, ансамбль “Чысты голас” песьняй “Не капайце крынічаньку” перасьцярог меліяратараў ад пасьпешлівых чынаў, а “The Little Blues Band” Івана Маркава — мусіць, мужчын ад хітрыкаў “Foxy Lady”. Зьміцер Бартосік ці то праскакаў, ці то праляцеў у “Горад за зачыненаю брамай”, група “Apple Tea” адчула павевы веснавога ветра, а Ўладзімер Кудрын — прысутнасьць чарадзейнай “Цёмнавокай пані”.

Скончым жа мы мэлядыйны тыдзень музыкай, аўтара якой наўрад ці можна западозрыць у плягіяце. Ужо хоць бы таму, што музыка гэтая датаваная 16 — 17 стагодьдзямі. Нагадаю, што FM-станцый тады не існавала, кампазытары пісалі музыку, ня ведаючы, што ў гэты час пішуць калегі па цэху.

Такім чынам, “Куранта”, адна з мэлёдыяў ананімнага “Полацкага сшытку” ў выкананьні ансамбля старадаўняй музыкі “Контраданс”. Твор у поўным сэнсе арыгінальны. Інтанацыі і звароты зь якога спэцыялісты напэўна могуць адшукаць сёньня ў многіх вядомых гітах ды шлягерах. Да сустрэчы на новым тыдні!

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG