Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Песьня “Горад за зачыненаю брамай”, аўтар і выканаўца Зьміцер Бартосік. Альбом “Да пабачэньня”, 1997 г.



Калі чалавек мае мэту і імкнецца яе дасягнуць, ён сапраўды здольны на многае. Часам нават — на немагчымае. Тое самае — “Мэлёдыя дня”: слухаючы гэтую праграму рэгулярна, вы можаце пазнаёміцца з тым, пра існаваньне чаго, магчыма, нават не задумваліся. Мае шанаваньні!

Беларуская бардаўская песьня для мяне асабіста — зьява даволі неадназначная. Бясспрэчна, што ў недалёкім мінулым яна разьвівалася ў рэчышчы рускамоўнай традыцыі, заснаванай клясыкамі жанру, з Аляксандрам Галічам ды Булатам Акуджавам на чале.

У 1990-я гады мінулага стагодьдзя зьявіліся барды, якія прапанавалі песьні, па-першае, не турысцка-альпінісцкай тэматыкі, а ў пэўным сэнсе грамадзянскага гучаньня; па-другое, сьпявалі яны па-беларуску. Шчыра кажучы, збольшага гэта была аматарская творчасьць, другасная па вобразах ды вузкая па тэматыцы. Але час ад часу даводзілася сустракацца і з сапраўды арыгінальным, выразным, прабачце, прадуктам.

Зьміцер Бартосік — безумоўна, таленавіты аўтар зь непаўторным почыркам і схільнасьцямі да несанкцыяваных перамяшчэньняў празь мяжу, калі меркаваць па песьні “Горад за зачыненаю брамай”.

У гэтай песьні дадзеная падрабязная інструкцыя адносна таго, як перасекчы дзяржаўную мяжу. Што-што, а ў гэтым Бартосік знаецца. Як, дарэчы, і ў майстэрстве ствараць запамінальныя мэлёдыі. Запіс 1997 году. Пачуемся!

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG