Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Народная песьня “Не капайце крынічаньку”. Вакальны ансамбль “Чысты голас”. Альбом “Пой, славянская душа”, “Ковчег”, 2000



Шчыра кажучы, я ў розныя прыкметы ня надта веру. Ну, чорных катоў ня люблю сустракаць, баб з пустымі цэбрамі, яшчэ ўсяго такога пакрыху. Люблю слухаць песьні, у якіх прыкмет часам — аж занадта. І тады ўжо кожны з нас сам вырашае, верыць у тое ці не.

Нагадаю, што ўчора Алеся і ансамбль “Сябры” падзяліліся з намі назіраньнем за асаблівасьцямі дачыненьняў маладой ды незамужняй з ваяводам неназванага адміністрацыйнага пункту. Надзейным сродкам дасягненьня агульнага посьпеху, калі верыць паэту Дранько-Майсюку, можа быць толькі лебяда.

А вось у вакальнага ансамбля “Чысты голас” на такія дачыненьні палоў адметны погляд: удзельнікі калектыву збольшага арыентуюцца на прыкметы. Якія? А вось напрыклад: “Не кахайце дзяўчыненькі — ня будзе бяды”.

Шкада, што сярод 18 нумароў альбому “Сьпявай, славянская душа” “Чысты голас” надаў беларускім мэлёдыям вельмі мала ўвагі. Бо, як вынікае са зьместу альбому, славянская душа — гэта найперш душа руская. І так кры-ышачку беларуская, хоць з тэхнікай выкананьня ў “Чыстага голасу”, канешне, поўны парадак.

“Не капайце крынічаньку”, беларуская народная песьня, часьцінка славянскай душы. І памятайце: піце лепш з крыніцы, а вось з капытца — не. Гэта не прыкмета, дарэчы, а народная мудрасьць. Каму ж хочацца казьляняткам быць? Пачуемся!

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG