Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Песьня “Эх, змагаліся мы” Лявона Вольскага на верш Міхала Анемпадыстава. Лявон Вольскі. “Народны альбом”, “Ковчег”, 1997 г.



Ці то мы выбіраем сьвяты, ці то сьвяты тыя выбіраюць нас, часам аніяк ня ўлічваючы нашых жа пажаданьняў. Адно пэўна: па колькасьці сьвятаў мы, беларусы, наперадзе плянэты ўсёй. З чым “Мэлёдыя дня” вас і віншуе!

Зрэшты, адносна таго, што нам абы нагода пасьвяткаваць ды павесяліцца, мы ўжо ў нашай праграме казалі. А вось пра тое, што дагэтуль чамусьці надзвычай радыя спраўляць наогул чужыя для нас сьвяты, казалі няшмат. А пра тое, як можна адзначаць гадавіны падзеяў, якіх наогул не было, зусім маўчалі. Ані мэлёдыі, ані ноткі ў гонар і гэтак далей.

Тут, канечне ж, агульная стандартызацыя жыцьця сваю ролю іграе: як ёсьць прывычка, шкодная ці здаровая, адмовіцца ад яе бывае няпроста.

Вось і сьвяткуем 23 лютага — ці то як мужчынскі дзень, ці то як сьвята вайскоўцаў, ці, як летась было напісана на расьцяжцы па-над праспэктам — “Дзень абаронцаў Айчыны і Ўзброеных сіл”. Ад каго трэба абараняць Узброеныя сілы — вядома: ад прапаршчыкаў. А тым усё адно, у які дзень несьці са склада.

Між тым, 23 лютага — яшчэ й дзень утварэньня Беларускай краёвай абароны, як кажуць. Во, гэта цалкам у нашай традыцыі: басовы ключ у кішэні! П’ем, значыць, за Савецкую Армію, а думаем пра Краёвую абарону.

Песень вайсковае тэматыкі прагучала сёньня шмат. “Мэлёдыя дня” таксама ня можа стаяць у баку ад, як некалі казалі, грандыёзных працэсаў сучаснасьці й прапануе свой музычны ўнёсак у вайсковую тэматыку. Зь якой нагоды — думайце самі.

Ды хоць з той, што народ ды армія — адзіныя, тым больш што песьня “Эх, змагаліся мы” ўзятая менавіта са славутага “Народнага альбому”. Верш Міхала Анемпадыстава, музыка і выкананьне Лявона Вольскага. Песьня, як кажуць, вытрыманая. Не ў падвалах, а ў традыцыях. Пачуемся!

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG