Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Песьня “Па-над гаем” Аляксандра Доўнара. Вакальная група “Камэрата”. Альбом “My Angel”, аўтарскае выданьне, 2000 г.



Як часта апошнія гады літаральна кожнаму з нас даводзіцца сустракацца з падробкамі! Падрабляюць літаральна ўсё: ад печыва да музыкі. Аж да таго, што часам, заўважыўшы на небе спадарожнік, пачынаеш думаць: сапраўдны ці не? Сапраўдная “Мэлёдыя дня” вітае вас!

Звычайна кампазытары, якія выкарыстоўваюць фальклёр як крыніцу натхненьня, так ці інакш зьмяняюць першасную мэлёдыю, робяць праўкі ў галіне гармоніі ды рытмікі, адаптуюць першааснову часам да зусім выродлівых формаў, калі ад фальклёру застаецца прыблізна тое ж самае, што ў казцы — ад козьліка: ножкі ды рожкі.

Удзельнікі вакальнай групы “Камэрата”, калектыву, які з поўнай на тое падставай можна назваць экспартным, робяць зусім па-іншаму. Яны, выдатна ведаючы фальклёрную спадчыну, самі пішуць музыку, якую, ня ведаючы праўды, можна надзвычай лёгка залічыць менавіта да народнай. Гэта наогул неверагодна!

Песьня “Па-над гаем” пакідае поўнае ўражаньне таго, што да яе стварэньня прафэсійны кампазытар ня меў аніякага дачыненьня! Тым ня менш напісана яна на народны тэкст Аляксандрам Доўнарам і ўвайшла ў альбом “Мой анёл”, які ўбачыў сьвет два гады таму, зрабіўшыся, на маю думку, адным з найбольш важных выданьняў у беларускай папулярнай музыцы за ўсе яе гады.

“Па-над гаем” і ювэлірнае выкананьне групы “Камэрата”. Пачуемся!

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG