Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Песьня “Жыве Беларусь!” Васіля Раінчыка на словы Леаніда Пранчака. Камерны хор пад кіраўніцтвам Ігара Мацюхова. Альбом “Пад зоркаю Пагоні”, “Ковчег”.



Беларускія ўлады схамянуліся: дзяржаўны гімн у нас нейкі такі непаўнавартасны. У чарговы раз аб’яўлены конкурс, але ж пакуль на два дзясяткі дасланых на адрас камісіі тэкстаў прыпадае ўсяго дзьве мэлядыйныя прапановы. Будзем лічыць, што з дапамогаю “Мэлёдыі дня” варыянтаў музыкі будзе, прынамсі, на адзін больш. Мае шанаваньні!

Гісторыя з гімнам нагадвае мне асабіста арганізм чалавека з надзвычай запозьненай рэакцыяй. Вунь суседзі-расяяне, славутыя ва ўсім сьвеце як народ, што даў столькі выдатных кампазытараў, так і ня здолелі прыдумаць нічога новага, а проста ўзялі ды нарасьцілі на стары савецкі гімн новыя словы. Атрымаўся такі дзьвюхгаловы арол зь сярпом ды молатам у дзюбе.

Гарантую, што ў Беларусі гімнічная гісторыя скончыцца прыблізна тым самым. Аднак, нагадаю, сапраўдны гімн не прыстасоўваецца да пераменаў у грамадзтве. І такія ёсьць у беларусаў не адзін ужо дзясятак гадоў.

Мне ж згадваецца пачатак 1990-х і адзін канцэрт у філярмоніі, калі пры першых жа тактах гэтай мэлёдыі заля, як адзін, узьнялася з крэслаў і выслухала песьню стоячы.

Ня ўпэўнены, ці падпішацца цяпер кампазытар Васіль Раінчык пад вершам Леаніда Пранчака, але мушу прызнаць: мэлёдыю Васіль Пятровіч напісаў сапраўды гожую, а камэрны хор пад кіраўніцтвам тады яшчэ Ігара Мацюхова пераканальна давёў яе да аўдыторыі.

“Жыве Беларусь!” — так называецца гэтая заяўка на дзяржаўны гімн краіны. Сапраўды, жыве, бо заўтра мы пачуемся ізноў.

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG