Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Інструмэнтальная п’еса “Самба Ізраэль” Уладзімера Ткачэнкі й група “Пяты кут”. Канцэртны запіс сярэдзіны 1990-х гадоў.



Паводле законаў клясычнае архітэктуры, пяты кут у пакоі здаўна лічыўся недапушчальным элемэнтам. Ня менш няўтульна, як жыхары таго пакоя, пачуваюць сябе часам тыя музыканты, якія імкнуцца выконваць музыку шмат у чым экспэрымэнтальную, наватарскую. Асабліва калі за назву той калектыў узяў “Пяты кут”. “Мэлёдыя дня” вітае вас!

Музыка, якую мы будзем слухаць сёньня, напэўна празь некаторы час будзе лічыцца клясыкай беларускага інструмэнтальнага жанру. Шкада адно, што зь сямі зь лішкам хвілін мы зробімся сьведкамі ўсяго толькі недзе паловы кампазыцыі, якая была запісана падчас канцэрту групы колішніх салістаў Дзяржаўнага канцэртнага аркестра недзе ў сярэдзіне 1990-х гадоў.

Група “Пяты кут” складалася з выдатных салістаў і прапанавала слухачам музыку як на той час даволі сьмелую, як аранжыроўкі вядомых тэмаў джазу, так і аўтарскія кампазыцыі. Вашай увазе прапануецца ювэлірная па распрацоўцы тэмы п’еса “Самба Ізраэль”, напісаная Ўладзімерам Ткачэнкам.

Ня ведаю, наколькі гэтая музыка здольная паўплываць на складаную сытуацыю на Блізкім Усходзе, аднак нацыянальны калярыт беларускія музыканты здолелі перадаць проста выдатна. “Самба Ізраэль” Уладзімера Ткачэнкі й група “Пяты кут”. А мы пачуемся заўтра!

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG