Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Песьня “Той, хто стаіць у мяне за плячыма”, словы Зьмітра Лукашука, музыка групы “Новае неба”. Група “Новае неба”, альбом “Сон у трамваі”, 1994 г.



Добра, калі сьвеціць сонца. Тады, выбіраючыся ў дарогу, ты ведаеш, што крочыць будзеш, прынамсі, не адзін, а разам з уласным ценем. Істота гэта ня надта гаваркая, але ж перакінуцца слоўцам-другім у самоце будзе з кім. А вось “Мэлёдыя дня” — ваш пастаянны суразмоўца на працягу ўсяго гэтага году. Штодня і ў той жа самы час. Прывітаньне!

На гэтым тыдні, нагадаю, мы каштавалі пеннае піва спачатку ў кампаніі з групай “Стары Ольса”, а потым маладое піва — разам з удзельнікамі супольнага праекту “Народны альбом”, пасьля чаго зьдзейсьнілі палёт на Месяц з Валерыем Дайнекам і групай “Пяты кут”. Група “Gateward” авансам запрасіла нас на экстрэмальнае сьвяткаваньне Купальля, адразу пасьля чаго мы зьведалі подых “Мяцеліцы” ў вэрсіі “Беларускіх Песьняроў”. Група “Уліс” задалася пытаньнем, дзе знаходзіцца “Пляц Францыска”, і не адшукала адказу.

А скончыць мэлядыйны тыдзень група “Новае неба” песьняй пра цень — “Той, хто стаіць у мяне за плячыма” на верш Зьмітра Лукашука, з альбому “Сон у трамваі”, выданьне 1994 году. Добра, калі ў цябе за плячыма ўсяго толькі твой уласны цень. А калі гэта хто іншы? Не забывай своечасова аплаціць праезд у грамадзкім транспарце! Пачуемся заўтра!

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG