Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Песьня “Пляц Францыска” С.Краўчанкі на верш Ф.Аксёнцава і С.Краўчанкі. Група “Уліс”. Альбом “Чужаніца”, 1991



Часта ежджу ў Менску па вуліцы імя Куйбышава. І як толькі кіроўца тралейбуса аб’яўляе “Наступны прыпынак — вуліца Камуністычная”, дальбог, міжволі шапчу сам сабе: прабачце — Камуністычная. Сапраўды, вулічная тапаніміка цяперашняга Менску толькі што й просіць на кожным кроку прабачэньня. “Мэлёдыя дня” вітае вас!

На фоне цьвёрдага мараторыя на далейшыя перайменаваньні гістарычна анэкдатычных назваў гарадзкіх вуліц зьмена назвы вуліцы імя Фрунзэ ў Полацку на вуліцу імя Эўфрасіньні Полацкай выглядае як нейкі цуд. Ня ведаю, ці быў наогул Фрунзэ ў Полацку, а калі быў, то што ён там рабіў, каб ягоным імем вуліцу называць?

Ня ведаю, што такога зрабіў для сталіцы пан Берут, не да ночы ягонае імя згаданае будзе, што ў ягоны гонар называюць вуліцу? Ня ведаю імя таго героя, які колькі гадоў таму адважыўся перайменаваць вуліцу 3-ю Азёрную на 5-ю Лясную. Але ж на практыцы й дагэтуль можна дзе-нідзе сустрэць назвы кшталту “тупік Сацыялістычны”.

Беларусы — яны ўсё сьцерпяць. Нават такія мілагучнасьці як вуліца імя Лібкнэхта, прабачце. Мусіць, за нямецкім часам так назвалі, а зьмяніць — забыліся. У 1991 годзе група “Уліс” выдала, бадай, найлепшы свой альбом з красамоўнаю назваю “Чужаніца”.

Песьня “Пляц Францыска” з гэтага альбому, музыка Сяргея Краўчанкі, ягоныя ж словы ў сааўтарстве з Фэліксам Аксёнцавым. Пляца з такой назваю ў нас няма. Ёсьць Кастрычніцкі пляц. Прабачце. Пачуемся!

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG