Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Песьня “Fly Me To The Moon” Бэні Говарда. Валеры Дайнека і група “Пяты кут”. Канцэртны запіс



Ведама, што адбываецца, калі на небе — поўня. Між тым, вобраз поўнага месяца — адзін з найбольш пашыраных у клясычным джазе. Можна згадаць назву не аднаго стандарту, дзе начное сьвяціла адлюстроўваецца самымі рознымі словамі. Шчыра кажучы, ня ведаю нават, якая цяперака квадра. Справа ня ў ёй. Справа — у чарговай “Мэлёдыі дня”. Маё вам шанаваньне!

Мала хто сумняецца ў тым, што з вакалам у сучаснай беларускай папулярнай музыкі справы — не найлепшыя. Мякка кажучы. Што да вакалу джазавага — тут наогул поўная труба. Ня помпавая, зразумела, а што ні на ёсьць вакальная.

Вось у жанры ваенна-патрыятычнай песьні — тут мы амэрыканцаў за пояс адразу б заткнулі. А як справа датычыцца джазу — тут, канечне, нашае агульнае і амаль глябальнае піяна-піянісіма. А паколькі джазавы вакал у нас практычна не выкладаецца, зоркі эстрады малоцяць збольшага нешта такое, што вакальную, няхай сабе і эстрадную, школу нагадвае вельмі слаба. Тады на выручку прыходзяць вакалісты з сапраўды трывалай школай.

Валеры Дайнэка наўрад аднясе сябе да ліку джазавых вакалістаў, аднак веданьне спэцыфікі такіх сьпеваў для яго — абавязковы элемэнт прафэсіі. “Fly Me To The Moon” — агульнавядомы джазавы стандарт Бэні Говарда, які ён выконвае рэдка, але ў дзясятку. Гэта канцэртны запіс недзе пачатку 1990-х, зроблены ў залі філярмоніі з ансамблем “Пяты кут”, які тады быў малым саставам Дзяржаўнага канцэртнага аркестру Беларусі.

Як той казаў, дзіўлюся на неба ды думку гадаю. Зараз мы й паслухаем, што думаў з тае нагоды Валеры Дайнека. І пачуемся заўтра!

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG