Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Розныя выканаўцы і песьня “Сонца нам дапаможа”



Нейкі спэцыфічны такі тыдзень цалкам выпадкова надарыўся для “Мэлёдыі дня”, з ухілам у фольк. Пры гэтым зазначу, што фальклёр гучаў надзвычай розны. Прывітаньне!

Нагадаю, што на гэтым тыдні мы зірнулі на Беларусь вачыма музыкантаў групы “Гаер”, дакрануліся да “Лянівага сонца” жыхара Нью-Ёрку беларуса Аляксандра Растопчына, наведалі зялёныя лугі ў кампаніі ўдзельнікаў міжнароднай групы “Крыві”. Міхась Забэйда-Суміцкі дапытваўся ў маці аб прычынах сьлёз на ўласных вачах, “Палац” у кампаніі з ды-джэем Рэем Хвісевічам спакусіўся на зялёныя насаджэньні ў выглядзе хмызоў каліны, трыо “Тройца” другі раз увайшло ў “Рэчаньку” з рэпэртуарнае спадчыны “Песьняроў”.

Скончым жа мы чарговы мэлядыйны тыдзень зноў жа песьняй, вытрыманай у фальклёрнай стылістыцы, толькі што гэтым разам тое будзе ня новае прачытаньне народнай мэлёдыі, а імітацыя, своеасаблівае аднаўленьне стылістыкі народнай музыкі нейкай з краінаў Паўднёвай Амэрыкі.

Што ж, магчыма, і заўчасна нам думаць пра тое, калі ж загляне сонца ў нашае ваконца, але ж і пакідаць па-за ўвагай спадзяваньні на хуткі прыход вясны таксама ня варта.

Такім чынам, песьня “Сонца нам дапаможа” ў выкананьні ўдзельнікаў супольнага музычнага праекту “Я нарадзіўся тут”. Музыка і словы Лявона Вольскага, 2000 год. Пачуемся заўтра!

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG