Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Група “Крыві” і песьня “Ўсе лугі”



Калі ў пачатку 70-х гадоў мінулага стагодьдзя артадаксальныя фальклярысты пачулі “Песьняроў”, яны паднялі крыкі пратэсту: маўляў, тое — зьдзек з народнай спадчыны, замах на асновы асноў. Калі б гэтыя спэцы пачулі ўсходнія сьпевы ў беларускай народнай песьні, думаю, зыход для іх быў бы наогул фатальны. Прывітаньне!

Канечне, ёсьць такія знаўцы, што лічаць фальклёр рэччу некранальнай, ці не музэйнай. Аднак тым абвяргаецца сама ідэя разьвіцьця фальклёру, які ня можа не рэагаваць на ўсе тыя зьмены, што адбываюцца ў грамадзкім жыцьці.

Ці ж маглі фальклярысты ў тыя 70-я прадбачыць, што неўзабаве прыйдзе час на world music, калі на аснове менавіта фальклёру ў невымерным катле зьмяшаюцца наогул усе мовы і стылі сучаснае музыкі?

У Беларусі крок у гэтым напрамку першай зрабіла група “Палац”. Праз пэўны час зь нетраў “Палацу” вылучылася трыо “Крыві”, якое і можна назваць першым айчынным калектывам world music. Гэты акцэнт асабліва памацнеў, калі адбылася сустрэча ўдзельнікаў трыо “Крыві” з курдзкім музыкантам Масудам Талібані. Як аказалася, многія курдзкія і беларускія народныя мэлёдыі выдатна спалучаюцца ў рамках аднае кампазыцыі.

Доказам таму зьяўляецца песьня “Ўсе лугі”, пры гэтым падчас запісу партнэрамі “Крыві” і Масуда Талібані зрабіліся яшчэ й польскія музыканты, якія ігралі на ўдарных. Усё гэта мы мелі магчымасьць бачыць у Менску. А цяпер “Мэлёдыя дня” прэзэнтуе вам гэты запіс. “Усе лугі”, беларуская народная песьня ў выкананьні міжнароднага праекту “Крыві”, запіс пазамінулага году. А мы пачуемся зноў заўтра!

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG