Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Квартэт Аркадзя Эскіна з п’есай Эрла Хайнса “Разэта”. Канцэртны запіс



І ўсё ж маюць рацыю тыя, хто гаворыць: няма прарокаў ва ўласнай Айчыне. Між тым прарокі тыя, здараецца, ціха жывуць сабе паміж намі, гэтак жа ціха робячы сваю прароцкую справу, нават ня думаючы пра тое, каб пайсьці па кабінэтах, выпрошваючы сабе званьне народнага прарока Беларусі. “Мэлёдыя дня” вітае вас!

Калі да менскага піяніста Аркадзя Эскіна зьвярнуцца са словам “прарок”, ён напэўна пакрыўдзіцца. Прарокам джазу ён сябе ніколі не лічыў, бо галоўнае ягонае захапленьне — музыка клясычная, мэйнстрым, у якім Аркадзь Барысавіч адчувае сябе, як якая стронга ў прытоку Нёмна.

Сёньня ён выкладае джазавае фартэпіяна ў Беларускім унівэрсытэце культуры і зрэдку дае канцэрты. Цікава, што ў 1990-я гады ў Эўропе было выдадзена аж тры кампакт-дыскі з удзелам Эскіна-піяніста. Але што найбольш цікава, дык гэта тое, што на Айчыне ён ня мае наогул ніводнага выданьня музыкі ў сваім выкананьні. Вось чаму я прарокаў згадаў напачатку.

Хоць зараз, здаецца, справа зрушылася, і неўзабаве Аркадзь Эскін пачне запіс першага айчыннага альбому. Аднак пакуль ён выйдзе, давайце паслухаем ягоны квартэт з удзелам Віктара Малчанава (гітара), Барыса Бернштэйна (электрабас) і Вадзіма Чайкова (барабаны). Клясычнае прачытаньне клясычнай тэмы “Разэта” квартэтам Аркадзя Эскіна.

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG