Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алесь Камоцкі зь песьняй “Як страшна мне ня ўбачыць болей вочы” на верш Рыгора Барадуліна



Як сьцьвярджаюць некаторыя лекары, салідны фізычны век чалавека — гэта яшчэ не паказчык ягонай старасьці. Гісторыя ведае шмат прыкладаў таго, як чалавек пэнсійнага ўзросту, праслухаўшы чарговую “Мэлёдыю дня”, вырабляў такія рамантычныя, так бы мовіць, чыны, што маладым заставалася толькі зайздросьціць. Мае шанаваньні!

Шчыра кажучы, калі два гады таму я ўпершыню пачуў цыкль рамансаў Алеся Камоцкага на вершы Рыгора Барадуліна, я доўга ня мог паверыць у тое, што гэта менавіта Рыгор Іванавіч напісаў такія юнацкія, пранікліва-інтымныя творы, якія самі прасіліся на музыку. На маё перакананьне, гэта былі невялічкія паэтычныя шэдэўры — столькі жыцьця несьлі ў сабе вершы, пісаныя нібыта чалавекам, які толькі пачынае вучыцца па-даросламу радасьці каханьня.

Алесь Камоцкі напісаў музыку да многіх вершаў гэтага цыклю, і празь некаторы час адначасова сьвет убачылі невялічкі зборнік гэтай лірыкі і касэта з запісамі рамансаў, якія зрабілі Алесь Камоцкі й гітарыст, аранжыроўшчык Уладзімер Ткачэнка. Сёньня мы слухаем раманс “Як страшна мне ня ўбачыць болей вочы”, вершы Рыгора Барадуліна, музыка Алеся Камоцкага, аранжыроўка Ўладзімера Ткачэнкі.

А цяпер увага! У нядзелю, 27 студзеня, праграма “Мэлёдыя дня” пазнаёміць вас з малавядомай старонкаю “Народнага альбому”. Не прапусьціце! І да сустрэчы!

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG