Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Валеры Дайнека зь песьняй з кароткамэтражнага фільму “Блэстыд”, музыка Аляксандра Растопчына



Учора “Мэлёдыя дня” паабяцала вам пэўны сюрпрыз. Дык ад дадзенага слова ніхто і не адмаўляецца. Адно што сюрпрыз гэты будзе своеасаблівы, у пэўным рэтра-гард стылі. Рэтра таму, што запіс ня новы, гард таму, што гард-рок. Шчыра вітаю ўсіх!

Колькі памятаю сябе, столькі памятаю і спрэчкі адносна таго, чаму гэта нашыя музыканты ня могуць працаваць гэтак жа пераканаўча, як і заходнія зоркі. Я асабіста заўсёды сьцьвярджаў, што ня толькі могуць, але й працуюць.

У 1992, калі не памыляюся, годзе гітарыст “Песьняроў” Аляксандар Растопчын напісаў музыку да цікавага, хоць крыху і сюррэалістычнага фільма выпускніка Акадэміі мастацтваў рэжысэра Грабёнкіна пад назваю “Блэстыд”. Наогул, фільм апавядаў пра партызанаў-падрыўнікоў, а музыка была скрозь — гард-рок.

У мяне зьбярогся запіс музыкі да гэтага фільма, зроблены, як ня дзіўна, у асноўным музыкантамі “Песьняроў” з Валерыем Дайнекам у якасьці вакаліста. І каб я гэтак не аб’явіў, многія з вас былі б пэўныя, што гучыць музыка якой заходняй рок-зоркі. А тое — нашы. Калі не лічыць, што аўтар музыкі Алекс Растопчын сёньня — адзін зь лідэраў блюзавых клюбаў Нью-Ёрку.

Я не перабольшваю, калі кажу, што Алекс Растопчын — вельмі паважаны сёньня ў блюзавых колах Нью-Ёрку гітарыст. Зрэшты, ягоныя сольныя запісы маюцца. Так што слухайце “Мэлёдыю дня”. І да сустрэчы!

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG