Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Генадзь Старыкаў і ягоная інструмэнтальная тэма “Гішпанская фантазія”, 2001



Хто з нас у дзяцінстве ня марыў пра падарожжы ў нейкія экзатычныя краіны? Часы зьмяніліся, многія межы ў Эўропе для многіх жа эўрапейцаў цяпер амаль не заўважныя, апрача нас, беларусаў, якіх у Эўропе ня надта каб і чакалі. Нам застаецца па-ранейшаму марыць пра краіны Шэнгена, гэтым разам — з “Мэлёдыяй дня”. Вітаю ўсіх рамантыкаў ды фантазэраў!

У канцы мінулага году прэзыдэнт менскага блюзавага клюбу Генадзь Старыкаў выдаў-такі першы, няхай і скрамнюткі па аб’ёму, дыск, які зьмяшчае наогул ня блюзы, як можна было чакаць, а музыку скрозь рамантычную.

Вось і сынгл гэты ён назваў крыху патэтычна, як і належыць прэзыдэнту, “Мара, гітара і каханьне!” З клічнікам на канцы. Партыі ўсіх інструмэнтаў запісаў сам, як, зразумела, і музыку.

Той, хто быў на сольным канцэрце Генадзя, ведае, што рамантычная гітарная музыка, як і блюзавая, — асноўны накірунак наталеньня ягонага кампазытарскага апэтыту. А талентам мэлядыста прырода ўзнагародзіла Генадзя не шкадуючы.

Зрэшты, пераканайцеся самі. “Гішпанская фантазія”, музыка, аранжыроўка і выкананьне Генадзя Старыкава, запіс мінулага году.

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG