Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аркестар Гарадзенскага ўнівэрсытэту “Капрыз” і п’еса “Гарбата на дваіх” Вінцэнта Юманса



Жаночыя капрызы — рэч загадкавая і часам цяжкавытлумачальная. Нагодай для капрызу можа быць што заўгодна. Але як назваць такі капрыз у выкананьні, прынамсі, дваццаці маладых жанчын, да таго ж аб’яднаных у адзін творчы калектыў? Вось вам і новая загадка ад праграмы “Мэлёдыя дня”.

Памятаецца, у гісторыі беларускай эстраднай музыкі быў толькі адзін калектыў, які цалкам складаўся з прадстаўніц прыгожай паловы. Называўся той калектыў адпаведна — “Чараўніцы”. Праўда, былі й іншыя “Чараўніцы”, якія не сьпявалі, а толькі танчылі. Але таксама прыгожыя.

І вось колькі гадоў таму зь ліку студэнтак Гарадзенскага ўнівэрсытэту Раіса Левіна сабрала вялікі эстрадна-джазавы аркестар, якому дала адпаведную назву – “Капрыз”. Далей ужо была справа тэхнікі: наш вядомы музыкант Уладзімер Ткачэнка, пабачыўшы поўны склад калектыву, да таго ж у парадных касьцюмах, ня здолеў, зразумела, адмовіцца ад прапановы зрабіць для аркестру “Капрыз” аранжыроўкі твораў папулярнай ды джазавай музыкі.

Зэканоміўшы на стыпэндыях, студэнткі здолелі запісаць аж трынаццаць твораў у студыі й выдаць у 1997 годзе кампакт-дыск. Пэўне, зь ліку ўдзельніц тае сэсіі запісу нікога ў студэнтках цяпер няма, але запісы — засталіся. А што ж вы думаеце? Усё, як у амэрыканскіх унівэрсытэтах: уласны біг-бэнд! Вінцэнт Юманс і п’еса “Tea For Two”, “Гарбата на дваіх”, замалёўка з інтэрнатаўскага жыцьця ў выкананьні аркестру “Капрыз” Гарадзенскага ўнівэрсытэту.

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG