Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Група “Сузор’е” і песьня “Падарожжа”



Сэсія ў студэнтаў працягваецца, але ж які студэнт ня марыць пра тое, каб на які тыдзень-другі забыць, што такое залікоўка і пасьля тае сэсіі не паехаць... Ды куды вочы глядзяць! Паехаць, насьвістваючы, зразумела, чарговую “Мэлёдыю дня”.

Тое, што мы будзем слухаць сёньня, з тэхнічнага пункту гледжаньня, канечне ж, выклікае вялікія заўвагі. Наогул, гэты запіс архіўны і за апошнія дваццаць зь лішкам гадоў у эфіры наогул не гучаў. У тым ліку і з-за якасьці, бо запісвалася гэтая песьня ня ў студыі і нават не падчас канцэрту на загадзя адладжаную лічбавую апаратуру.

Гэта наогул гістарычны для беларускага року запіс зьбярогся цалкам выпадкова дзякуючы чалавеку, які ў памяшканьні кавярні “Сузор’е” ў канцы 1970-х націснуў на кнопку рэдкага на той час пераноснага магнітафону. Наогул, пасьля групы “Сузор’е” амаль не засталося запісаў іх беларускамоўнага рэпэртуару: ані фрагмэнтаў з музыкі “Полацкага сшытку”, ані вялікай праграмы з Надзеяй Мікуліч у аранжыроўках Ігара Паліводы, нават арыгінальная вэрсія “Зоркі Вэнэры” ў стылістыцы гард-року згубілася недзе ў архівах дзяржаўнага радыё.

Мы ж будзем сёньня слухаць рэстаўраваную песьню “Падарожжа”, адзін з прыкладаў пачатку беларускай рок-музыкі. Словы і музыка Валянціна Пучынскага, група “Сузор’е” і песьня “Падарожжа”, аматарскі запіс канца 70-х.

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG