Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Песьня “My Way”, Мікалай Скорыкаў і Дзяржаўны канцэртны аркестар Беларусі, запіс з канцэрта 21 студзеня 1997 году



Трынаццаты дзень месяца, згодна розных прымхаў, не найлепшы для размаітых заняткаў. Але праграма “Мэлёдыя дня” не зьвяртае на прымхі аніякай увагі, таму што ўпэўнена крочыць уласным шляхам. Вітаю вас!

Нагадаю, што за шэсьць мінулых дзён мы трапілі ў “Завіруху” разам зь Ядвігай Паплаўскай і Аляксандрам Ціхановічам, падзівіліся на “Зорку” ў вэрсіі групы “Белы сон” і “Зорачку” ў вэрсіі Вольгі Нікалаені й групы “Apple Tea”, паслухалі досьціпы “Янкі-жартаўніка” з дапамогай прафэсара Ўладзімера Ўгольніка. Дуэт “Аляксандра і Канстанцін” расказаў нам, дзе “Летаў голуб”, а ансамбль традыцыйнага джазу “Рэнэсанс” рубам паставіў пытаньне: “Чаму ж мне ня пець?”

Скончым жа мы гэты тыдзень клясыкай. Увогуле, з запісамі клясыкі беларускай музыкі ў нашай краіне проста бяда: іх на сучасных носьбітах гуку практычна няма. Аднак існуе крыху іншая клясыка, прычым такая, за якую чырванець не давядзецца і ў краінах, так бы мовіць, клясычнай, узорнай эстрады.

Яскравы доказ — пад рукой: двайны альбом з запісамі клясыкі савецкага і замежнага рэпэртуараў у выкананьні Мікалая Скорыкава. Мы пачакаем, калі наш знакаміты сьпявак некалі запіша й клясычны беларускі эстрадны рэпэртуар, а пакуль паслухаем славуты шлягер “Май Ўэй” Пола Анкі і Жана Рэво. Мікалай Скорыкаў і Дзяржаўны канцэртны аркестар Беларусі, запіс з канцэрта 21 студзеня 1997 году.

Нягледзячы на ўсе жыцьцёвыя перашкоды і выпрабаваньні, сьмела крочце ўласным шляхам! Тое пажадаў вам Мікалай Скорыкаў, тое ж жадае й “Мэлёдыя дня”! Пачуемся!

Зьміцер Падбярэскі
XS
SM
MD
LG